Сапраўднае яго імя - Аляксандр Каратай. Нарадзіўся 2 лістапада 1909 года ў вёсцы Прусы ( Салігорскі раён Мінскай вобласці). Атрымаў вядомасць як паэт, празаік, кінадраматург і перакладчык.
У 1924—1928 вучыўся ў Мінскім Белпедтэхнікуме. Публікавацца пачаў у 1925 годзе. Першая кніга вершаў «Крокі» выйшла ў 1928 годзе. У 1928—1931 гадах вучыўся ў БДУ. З 1931 годзе працаваў у часопісе «Узвышша» і на Беларускім радыё. Арыштаваны ДПУ БССР 15.3.1933 года ў Мінску па справе «Беларускай народнай грамады»; асуджаны 10.8.1933 як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі». Быў на 2 гады сасланы ў лагер у г. Марыінск Кемераўскай вобласці. Пасля вызвалення — рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на фронце.
З 1944 загадчык аддзела культуры газеты «Звязда», адказны сакратар часопіса «Вожык». Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956 года. З 1959 года член сцэнарнай калегіі, у 1967—1972 гадах галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Паўлінка» (1951), «Народны паэт» (1952), «Першыя выпрабаванні» (1960), «Запомні гэты дзень» (1967, разам з А. Куляшовым).
Аб’ектыўна М. Лужанін імкнуўся пісаць пра Якуба Коласа ў аповесці-эсэ «Колас расказвае пра сябе». Народны пісьменнік добразычлівы, шчыры, уважлівы, стрыманы, пунктуальны, дасціпны, але часам і ўсхваляваны, абураны, кеплівы…
|