Юбілей літаратурнага класіка − гэта не проста юбілей аднаго чалавека ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры, гэта юбілей народа, бо з лёсаў лепшых сыноў айчыны складаецца лёс Бацькаўшчыны. Жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – выдатная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры, а творчасць паэта ілюструе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны, велізарны пласт нацыянальнага жыцця.
З кожным годам усё большы прамежак часу аддзяляе нас ад таго гістарычнага часу, калі жыў і тварыў класік беларускай літаратуры, і таму больш прыцягальным становіцца не толькі вобраз Паэта – як выдатнейшага майстра паэтычнага слова, але Паэта – чалавека, з яго думкамі, клопатам, радасцямі і смуткам.
У трэці дзень лістапада запрашаем далучыцца да святкавання 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа!
3 лістапада ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" на працягу ўсяго дня адбудзецца тэматычны эфір, прысвечаны класіку беларускай літаратуры.
8:25 "Першыя выпрабаванні". Мастацкі фільм па матывах трылогіі Якуба Коласа "На ростанях".
12:00 "Майстры і куміры". Прымаюць удзел дзеці і ўнукі Якуба Коласа.
12:55/21:35 "Талаш". Шматсерыйны мастацкі фільм паводле аповесці Якуба Коласа "Дрыгва".
16:25 "Купала і Колас. Вы нас гадавалі". Канцэртная праграма Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
17:50 "Сымон-музыка". Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы па матывах паэмы Якуба Коласа.
20:10 Купала і Колас. Два яблыкі на адной галінцы". Дакументальны фільм.
21:05 "Запіскі на палях". Якуб Колас.
Тэматычны эфір да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа
|