7 красавіка праваслаўныя святкуюць Благавешчанне. У каталіцкай традыцыі свята завецца Звеставанне і адзначаецца 25 сакавіка. Лічылася, што ў гэты дзень прыляталі буслы, зямля раджала, і можна было даведацца надвор’е на цэлы год.
Сама назва свята адсылае да біблейскага сюжэта: за 9 месяцаў да Раства Дзева Марыя атрымала ад Арханёла Гаўрыіла вестку пра будучае нараджэнне Хрыста. На думку мовазнаўцаў, усе варыянты назвы свята – і “Благавешчанне”, і “Дабравешчанне”, і “Звеставанне” аднолькава правільныя і могуць існаваць паралельна. Кажуць увогуле пра неабходнасць уласных перакладаў Бібліі на беларускую мову для кожнай канфесіі.
У народнай традыцыі Благавешчанне ўспрымаецца як каляндарны рубеж, пачатак новага гаспадарчага года. Да гэтага дня не працавалі на зямлі: не аралі, не гарадзілі платы і не забівалі калы. Лічылася, што да свята зямля цяжарная, а на Благавешчанне адбываюцца яе роды, прылятаюць буслы, што прыносяць дзяцей і жанчынам. “Да Бгагавешчання зямля закрытая”, а на свята з таго ў гэты свет вяртаюцца душы продкаў, што ўвасабляліся ў птушках і змеях.
Прылёт буслоў на Заходнім Палессі адзначаўся выпяканнем адмысловых “галёпаў”, “буськовых лап”. З печывам дзеці віталі птушак на вуліцы адмысловымі заклічкамі, напрыклад:
Бусэнь, бусэнь, на тобі галёпу,
Прынэсі мне жыта копу.
На тобі пырога,
Дай мне жыта стога.
Як і амаль на любое каляндарнае свята, на Благавешчанне бытуюць шматлікія прыкметы пра надвор’е: калі дождж – засухі ўлетку не будзе, чакай добры ўраджай жыта; снег – на мокрае лета і цёплую восень; ціха і цёпла – такое ж лета, але марозная восень; нізкая вада ў рацэ – сухое лета, высокая – мокрае.
Забароны на працу і некаторыя іншыя дзеянні ў святы – універсальныя для ўсёй Беларусі. Аднак, на Благавешчанне іх прытрымліваліся асабліва строга. Лічылася, што нават жывёлы і птушкі ў гэты дзень адпачываюць ( “птушка гнязда не ўе, дзеўка косу не пляце”). Забарона расчэсвацца матывавалася тым, што нібыта куры будуць разграбаць грады ўлетку. Нельга нічога прыносіць з лесу, бо тады завядуцца гадзіны і чарвякі. Такая ж забарона існуе на Узвіжанне, калі змеі, нібыта пабыўшы ад Благавешчання на паверхні, паўзуць у норы на зімоўку. Ад пасаджанай у гэты дзень на яйкі курыцы нібыта выведуцца кураняты-калекі. Не пераносілі з двара ў двор бёрды (прылады для ткацтва), не палілі агню ўвечары – усё гэта пагражала няшчасцямі ў гаспадарцы.
Благавешчанне – адно са святаў, на якія гукалі вясну. У народных міфалагічных уяўленнях адпаведнымі песнямі вясне трэба было “дапамагчы” надысці, выклікаць яе з Іншасвету. Гукаць маглі на пэўнае свята ці ў нейкім прамежку часу. Магло быць таксама адно агульнавясковае гуканне і спяванне вяснянак невялікімі групамі ў іншы час.
Пачатак спявання вяснянак вызначаецца ў розных рэгіёнах Беларусі пэўнымі святамі ад пачатку лютага да пачатку траўня, ці прыроднымі з’явамі (“снег растаў”, “як пойдзе лёд”, “як трава на лугах зацвіце, лотаць на водзе”, “як жаваранак прылятае”). Адрозніваюцца гукальныя песні і вяснянкі, якія маглі спяваць у карагодзе, ці на арэлях, ці проста седзячы на прызбе, ці дзе яшчэ (звычайна на вольным паветры ці ў гаспадарчых пабудовах кшталту гумна ці пуні). Дзе-нідзе не гукалі да Вялікадня, прытрымліваючыся забароны спяваць у пост. Але маглі, наадварот, на Вялікдзень ужо сканчваць гуканне. Канец спявання вяснянак мог вызначацца таксама святамі Юр’я (23 красавіка / 5 траўня), Міколы веснавога (22 траўня ў праваслаўных), Купалля, ці прыроднымі з’явамі (“пакуль куе зязюля, пяем вясну, а ўжо потым пачынаем пець лета”). У песнях сустракаюцца радкі, што “зязюля куе ад Вялікадня да Пятра” (29 чэрвеня / 12 ліпеня). Такім чынам, “вясна” ў традыцыйным календары – паняцце даволі расцягнутае.
Благавешчанне |