9 мая краіна 74-ы раз адзначыць самае галоўнае свята — Дзень Перамогі... Нягледзячы на дажджлівы пачатак тыдня, сіноптыкі абяцаюць спрыяльнае надвор'е. Але нават калі ў нябеснай канцылярыі нешта пойдзе не так, гэта не паўплывае на агульны настрой. Людзі чакаюць свята, і яно павінна адбыцца на ўзроўні. Не абыдзецца, як заўсёды, без урачыстых мітынгаў, шэсцяў і ўшанаванняў ветэранаў, парадаў з удзелам ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, канцэртных праграм, кірмашоў з пачастункамі і многага-многага іншага...
Марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона, шэсце-парад «Беларусь памятае», мітынг каля Вечнага агню на плошчы Славы, святочны канцэрт — Магілёў урачыста сустракае 74-ю гадавіну Вялікай Перамогі.
Усё больш магіляўчан прымаюць удзел у акцыі «Беларусь памятае» і ідуць у святочнай калоне па вуліцы Першамайскай з партрэтамі сваіх гераічных продкаў. Для ветэранаў па традыцыі падрыхтаваныя спецыяльныя аўтамабілі. Усяго ў горадзе запланавана больш за 20 розных мерапрыемстваў, прысвечаных пераможнаму маю. Яны пачнуцца а 10-й гадзіне раніцы і закончацца а 23-й гадзіне вечара салютам над Дняпром. Пра ліхія франтавыя нагадае традыцыйная палявая кухня каля гандлёвага цэнтра «Магніт», гарадская акцыя «Вальс Перамогі» на плошчы Зорак, салдацкая паляна ў Пячэрскім лесапарку, канцэртна-забаўляльныя мерапрыемствы ў розных куточках горада.
А 8 мая ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, моладзь прымаюць удзел у перапахаванні знойдзеных пры пошукавых работах астанкаў абаронцаў Магілёва на мемарыяльным комплексе «Лагер смерці» па праспекце Шміта.
Сёння ў Магілёве засталося ўсяго 247 ветэранаў вайны, за год іх колькасць скарацілася на 73 чалавекі.
|