Чытаеш, бывае, кніжку – і так хочацца на ўласныя вочы ўбачыць тое, што апісваецца, прайсціся па адных сцежках з галоўнымі героямі...
Вось толькі пісьменнікі зазвычай змешваюць фантазію і рэальнасць, і няпроста трапіць на платформу 9 3/4, адкуль адпраўляецца цягнік на Хогвартс, хоць лонданскі вакзал Кінгс Крос, дзе Джаан Роўлінг размясціла гэтую платформу, вядомы ўсім.
Тым не менш падарожжа з кнігай у руках зладзіць магчыма. Надышло лета, самы час спазнаваць родную Беларусь і яе літаратуру. Да вашай увагі – топ-9 мясцін, дзе вы трапіце на старонкі твораў беларускіх пісьменнікаў.
1. Альбуць. Якуб Колас, «Новая зямля»
Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна...
А колькі ягад і парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калі пачнуць яны цвісці!
Энцыклапедыя беларускага сялянскага жыцця, паэма «Новая зямля» Якуба Коласа дакладная ў дэталях. Аўтар апісаў жыццё сваёй сям'і на хутары Альбуць, змяніўшы толькі назву на Парэчча. Сёння там знаходзіцца філіял музея Якуба Коласа, а экспазіцыя прысвечана, зразумела, «Новай зямлі». Усё вы ўбачыце: «Цякла тут з лесу невялічка травой заросшая крынічка...» – дык і цяпер цячэ, «Ды між верб ліпка маладая» – і цяпер расце, праўда, тую, апісаную ў паэме, знішчыў ураган – аднак корань застаўся жывы, даў новыя парасткі. Убачыце стол, які змайстраваў дзядзька Антось, печ, на якой ляжаў хворы бацька Костуся Міхал. Ну і, зразумела, усе лугі, палі, лясы, якія сталі фонам для падзей паэмы.
2. Глінішча. Іван Мележ, «Палеская хроніка»
Яшчэ адзін аўтар вельмі дакладны ў апісаннях – Іван Мележ, які ўвекавечыў дарагое сэрцу Палессе ў сваіх раманах. Калі трапіце ў Глінішча, родную вёску Мележа, убачыце менавіта тыя краявіды, дзе «людзі на балоце» «заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе...» Знойдзеце грушу, пад якой сустракаліся героі рамана Ганна і Васіль, возера, у якім хацела ўтапіцца Хадоська. Паміж суседнімі вёскамі Каранёўка і Алексічы знаходзіцца «Міканорава грэбля» – Мележ апісаў, з якімі цяжкасцямі яе ўзводзілі. Нават прозвішчы мясцовых жыхароў тыя ж, што ў раманах. У Глінішчах сёння ёсць музей Мележа, а ў Хойніках вы сустрэнеце і ўвасобленых у бронзе герояў «Палескай хронікі».
3. Ракуцёўшчына. Максім Багдановіч, «У вёсцы»
Калі хворы на сухоты паэт Максім Багдановіч, які толькі што закончыў гімназію, упершыню прыехаў на любую Беларусь, краіну сваіх мараў, паўстала пытанне, дзе яго размясціць. Браты Іван і Антон Луцкевічы, выдаўцы «Нашай Нівы», вырашылі, што найлепш – на прыродзе. І паслалі яго да свайго дзядзькі Вацлава Лычкоўскага і яго сястры Ядвісі на хутар Ракуцёўшчына. Тут Багдановіч перажыў «страніцу лепшую ў штодзённіку жыцця», напісаў цыкл вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».
У паэме «Вераніка» спачатку бачылі адлюстраванне менавіта ракуцёўшчынскіх падзей, але даследчыкі выявілі, што каханне герояў адбылося не на Беларусі... А вось паэма ці хутчэй верш «У вёсцы» адлюстраваў менавіта мясцовыя краявіды. Так што прыязджайце ў Ракуцёўшчыну, дзе цяпер філіял музея Максіма Багдановіча, і супастаўляйце рэаліі і творы:
У родным краі ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды.
Крыніцу вам пакажуць, і вады з яе выпіць можна.
Праз вёску я ішоў.
Панураю чаргой
3 абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі – шэрыя, струхнеўшыя, як латы...
Ну, гэта змянілася... А вось уявіць, як тут Максім убачыў юную мадонну, сялянскую дзяўчынку, якая песціць маленькага брата, можаце. Менавіта пра гэта – сюжэт верша «У вёсцы». Дарэчы, зірніце яшчэ і на рэпрадукцыю карціны Рафаэля «Сіксцінская мадонна», якую тады ўяўляў сам Максім.
4. Гродна. Уладзімір Караткевіч, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»
Усё, што трапляла ў творы Караткевіча, імгненна пераўвасаблялася і сімвалізавалася, атрымлівала рамантычны, гатычны флёр, у тым ліку і Гродна XVІ стагоддзя, гэтак маляўніча апісанае ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Шмат тэксту прысвечана Вітаўтаваму замку. Сёння ён мае трохі іншае аблічча – яго аднаўляюць па тым узоры, які ён меў пры Стафане Баторыі.
І ўсё ж цытадэль была страшная. Стральчатыя гатычныя вокны палаца, грыфельныя муры, вострыя дахі са свінцовай чарапіцы, зялёная і смярдзючая вада бяздонных равоў, вузкія, як шчыліны, байніцы верхняга і ніжняга бою. Ля Саляной вежы – камяністы, касталомны зрыў да ракі. А ля яе – узгорак, вышэйшая кропка Замчышча, гародненская Галгофа. Там зараз кружляла груганнё: зноў, відаць, кагосьці выкінулі на пажыву.
Можна ўявіць, як побач, на Старым рынку, прыціснутым ледзь не да самых равоў, ішоў гандаль, як заходзілі пакупнікі ў крамы данцыгскіх ды крулявецкіх купцоў, шпацыравала варта ў лускаватых латах і «зіхацела, як вясёлка, Каложа, у імя Барыса і Глеба»... Каложская царква і сёння ззяе, толькі смальта ў яе мурах зрабілася трошкі больш цьмянай.
Уявім, і як рушыць да замка працэсія вандроўных артыстаў на чале з Юрасём Братчыкам... А потым натоўп гарадзенцаў бяжыць па замкавым мосце на штурм... А потым Братчык з Падолу, берага Нёмана, падымаецца Узвозам да замка, на Уздыхальню, да месца свайго пакарання...
5. Хатынь. Алесь Адамовіч, «Хатынская аповесць»
Пра беларускую трагедыю часоў вайны існуе шмат кніг, адна з самых моцных – «Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча, экранізацыя якой называецца «Ідзі і глядзі». Вазьміце гэтую кнігу ў падарожжа... Там не проста паказ зверстваў карнікаў – гэта глыбокая, пакутлівая развага над прыродай фашызму. Былы партызан Флёра, які некалі стаў сведкам спалення вёскі, разважае: «Але ж ёсць крытэрыі сапраўды чалавечага «мы»! У адрозненне ад варварскага, дзікунскага, фашысцкага. Мне думаецца, крытэрый тут адзін: узвышае тая ці іншая ідэя здольнасць чалавека спачуваць чужому болю, пакутам людзей. Ці, наадварот, паніжае, глушыць гэтую самую чалавечую з усіх здольнасцей – чужы боль адчуваць, усведамляць, як свой уласны і нават яшчэ мацней». Тэкст узмацняецца прыведзенымі сведчаннямі жыхароў спаленых вёсак, якія выжылі. У тым ліку Іосіфа Камінскага, які стаў прататыпам помніка ў Хатыні.
6. Полацк. Ян Баршчэўскі, «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»
Колькі кніг напісана пра Полацк! А мы з вамі давайце выберам містычна-рамантычныя аповеды Яна Баршчэўскага.
У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра; тут апавядаюць, з'явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба, нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія – маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу.
Найбольш полацкія гісторыі Баршчэўскага датычацца ўспамінаў пра навучанне ў полацкім езуіцкім калегіуме, пераўтвораным у акадэмію.
Сёння ад калегіума засталася толькі частка, якая зрабілася корпусам сучаснага Полацкага ўніверсітэта. Пахадзіце там і паўяўляйце, як чарнакніжнік Твардоўскі пасадзіў на кожную мыльную бурбалку, што пускалі вучні з адчыненага акна, па д'ябліку – «нейкія стварэнні накшталт крылатых купідонаў: вочкі маленькія, светлыя, робячы дзіўныя грымасы, паглядалі на ўсіх». А яшчэ дзесьці ў гэтых мурах кожнаму прадказваў лёс Драўляны Дзядок – бюст старажытнага мудраца Сакрата.
7. Грушаўка. Генрык Жавускі, «Успаміны Сапліцы»
Гэты незвычайны твор, стылізацыя пад мемуары XVІІІ стагоддзя, падорыць вам магчымасць наведаць адну са старасвецкіх сядзіб, якая знаходзіцца непадалёк ад Ляхавіч – Грушаўку, дзе жыў і памёр Тадэвуш Рэйтан. Падчас сойму, дзе мусіў адбыцца падзел Рэчы Паспалітай, Рэйтан выступаў супраць, і ўрэшце лёг у дзвярах на шляху дэпутатаў – маўляў, тапчыце мяне, не тапчыце Радзіму... А калі падзел адбыўся, з'ехаў у родную Грушаўку і, па чутках, звар'яцеў... Герой рамана Жавускага падрабязна распавядае пра подзвігі Рэйтана, а потым апісвае, як наведаў яго ў Грушаўцы. Рэйтан адмовіўся пазнаваць гасцей – маўляў, усе сумленныя людзі памёрлі... «Сказаўшы гэта, ён пачаў ірваць на сабе адзенне і трэсціся, тут убеглі слугі і ўтаймавалі яго, а я ўжо баяўся, як бы ён не кінуўся на мяне... А неўзабаве і ён скончыў сваё вандраванне па шляху слёз і гора. Аднойчы ён убачыў праз акно, як з павозкі вылазіць рускі генерал, які атрымаў службу ў Нясвіжы і парашыў нанесці візіт гаспадару Грушаўкі. Тадэвуш памкнуўся з пакоя, пачаў лаяцца на генерала, тут прыбеглі слугі, не выпусцілі яго, замкнулі дзверы. Ён вельмі ўзрушыўся, разбіў шыбіну ў акне, моцна парэзаўшыся шклом».
Сёння Грушаўка аднаўляецца з дапамогай валанцёраў. Убачыце вы і дамок, дзе сем гадоў прасядзеў Тадэвуш Рэйтан, і цудоўную сядзібу, зможаце ўявіць, як герой рамана, Севярын Сапліца, ідзе па прысадах.
8. Баруны. Ігнацій Ходзька, «Баруны»
Яшчэ адно незвычайнае падарожжа падорыць вам апавяданне Ігнація Ходзькі «Баруны», якое было надрукавана ў 1825 годзе ў Вільні. Пра гэтую вёску ў Ашмянскім раёне ўвогуле шмат напісана – бо тут, у Барунскай базыльянскай школе, вучыліся, акрамя Ігната Ходзькі, пісьменнікі Антон Адынец і Юльян Корсак, і шмат іншых інтэлектуалаў. У Барунах захаваўся касцёл і будынак школы, таму там надзвычай цікава цытаваць каларытныя старонкі аповеда. Напрыклад, як у студэнцкай капліцы захоўвалася школьная харугва. На ёй з аднаго боку была выява школьнай заступніцы Маці Божай, на другім баку – сноп збожжа, эмблема плёну навукі, якую вучні растлумачвалі па-свойму: «Вучыся, асёл, добра – будзеш мець хлеб». Для ацэнкі ведаў прафесары выбіралі найбольш здольных і старанных вучняў – аўдытараў, якія напярэдадні заняткаў выслухвалі калег і ацэньвалі іх адказы па шасці ўзроўнях: «умее», «сумняваецца», «памыляўся ў адказах», «умее нядобра», «не дэкламаваў», «не ўмее».
9. Ракаў. Сяргей Пясецкі. «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»
Ну а наведаць Ракаў вы проста мусіце ў кампаніі з раманам Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». І ўбачыце сённяшні аграгарадок Ракаў як сталіцу кантрабандыстаў тых часоў, калі тут праходзіла граніца паміж Заходняй Беларуссю і БССР. Пясецкі быў адным з кантрабандыстаў – перамытнікаў, і рамантыку таго часу апісвае знутры. У Ракаве тады былі сотні крам, кавярняў і «салонаў», дзе гулялі ў азартныя гульні.
Страсці кіпяць... Крымінальнікі з усяе Еўропы, фатальныя паненкі, ракаўчане, якія прыстасоўваюцца да новага ладу... Пахадзіце па сучасным мястэчку і ўявіце колішніх фацэтаў:
У суботу вечарам я піў з хлопцамі ў салоне Гінты. Увечары я апрануўся ціп-топ! Адзеў зеленаватую, у залатыя кветачкі, камізэльку і з выдумкай завязаў цёмна-фіялетавы гальштук у ружовыя пасачкі. Касцюм быў цёмна-сіні. Узяўшы лясачку, выйшаў з хаты.
На рынку сустрэўся са Шчурам.
– Ты куды? – запытаўся ў мяне перамытнік.
– Да Сашкі.
– Ага, на вячоркі! І я туды дыбаю.
Шчур апрануўся, як сам пан граф. Шэры касцюм, лакіраваныя чаравікі, зялёны гальштук. На галаве светлы фетравы капялюш з шырокімі палямі.
Дарэчы, раман гэты Пясецкі напісаў у турме, прачытаўшы на ашмётку газеты пра літаратурны конкурс. Для чаго давялося падвучыць польскую, якой не дужа валодаў. Конкурс ён выйграў, раман нават вылучалі на Нобелеўскую прэмію. А сёння ў Ракаве ўстаноўлены камень памяці Пясецкага, на ім – сузор'е Вялікай Мядзведзіцы, якое пісьменнік лічыў сваім талісманам. Сузор'е на камені свеціцца ў прыцемку.
Крыніца: "Звязда" |