Буйнага жыта — на лета, ядрану грэчку — на восень.
У розных рэгіёнах нашай краіны абрад Гукання вясны праводзіўся ў розны час. Недзе пачыналі клікаць птушак і чакаць абуджэння зямлі і надыходу веснавой цеплыні ўжо з самага пачатку сакавіка, а недзе — толькі на другі дзень Вялікадня ці перад святам Юр'я. Натуральна, гэта звязана з рознымі кліматычнымі ўмовамі, а таксама з мясцовымі традыцыямі.
Гукнем «Гу-у-у-!»
Навукоўцы адзначаюць, што сама назва свята Гукання вясны звязана не столькі з характарам ці сімволікай рытуальных дзеянняў ці ўжывання важных, ключавых атрыбутаў, колькі з асаблівасцямі паэтыкі сакральна-магічных песень-заклічак (загуканняў). Многія песні заканчваліся працяглым «Гу-у-у!», з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцны энергетычны пасыл, які, меркавалася, павінен абудзіць зямлю і наваколле.
Лічыцца таксама, што веснавыя песні адносяцца да тыпу так званых першасных — самых старажытных для беларусаў. Яны наўпрост звязаныя з міфамі і рытуаламі, адлюстроўваюць светаўспрыманне нашых продкаў. Таму і не дзіўна, што такіх песень не так шмат у нашага народа, яны распаўсюджаныя фактычна па ўсёй тэрыторыі краіны. Аднак адметнымі, рэгіянальнымі з'яўляюцца песні другасныя, ужо ўтвораныя, ці, так бы мовіць, надбудаваныя над першаснымі. Няварта здзіўляцца, калі адну і тую ж веснавую песню-заклічку ў крыху адрозных варыянтах вы пачуеце ў некалькіх раёнах краіны.
Звычайна свята пачыналася апоўдні. Моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу, а таксама лічылася бліжэйшым да сонца, цеплыні і лепш бачным для птушак, якіх імкнуліся завабіць прыляцець з выраю і прынесці вясну.
Хлопцы раскладвалі вогнішча, на якім палілі старыя рэчы. Традыцыйна вясну гукалі толькі дзяўчаты, хлопцы да свята далучаліся познім вечарам, калі пачыналі разам вадзіць карагоды. Старэйшыя загадзя рабілі арэлі, на якіх моладзь гушкалася парамі, імкнучыся разгайдацца як мага вышэй, каб паказаць сваю сілу, уменне, спрыт. Існавала прыкмета, што чым вышэй разгайдаеш арэлі, тым вышэйшыя вырастуць лён і збажына сёлета. Дзеці таксама павінны былі пагушкацца на арэлях хоць бы адзін раз, каб быць здаровымі і моцнымі ўвесь год.
У замовах, якія прагучалі падчас абраду, чуецца мудрасць народа, жаданне выконваць запаветы продкаў. А ў песнях, сольных і гуртавых — матывы сапраўднай высакароднай вясковасці, імкненне захаваць яе нават у вялікім горадзе.
Зарадзі Божа жыта
ды на новае лета...
Дзе карагод ходзіць,
там жыта родзіць,
А дзе не бывае, то там палягае...
|