Беларуская мова вельмі самавітая
Беларускі філолаг Ф.М. Янкоўскі вызначыў паміж беларускай і рускай мовамі 27 фанетычных адрозненняў, 43 марфалагічныя і болей за два дзясяткі сінтаксічных. Не кажучы ўжо пра лексічныя, якіх вялікае мноства. Таму здзіўляе, што некаторыя расійскія філолагі адносяць беларускую мову да «гаворкі» рускай мовы. Прычым на падставе ўсяго 8 фанетычных адрозненняў і некалькіх іншых слоў ужо абвяшчаецца наяўнасць самастойнай “старажытнарускай” мовы.
Наш славуты зямляк пісьменнік Адам Міцкевіч надта любіў і цаніў беларускую мову. У сваёй лекцыі ў Парыжы ён назваў яе самай гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найбольш захаванай.
Паводле ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Мілагучнасць беларускай мовы ў многім абумоўлена мяккасцю, якая перадаецца ад суседніх гукаў. Напрыклад, у словах пес[с’]ня ці пе[н’]сія. Плаўную музычнасць мове надае вялікая колькасць адкрытых складоў. Павышае мілагучнасць мовы адметны санорны гук “ў”, які ўжываецца ў самых розных формах слоў: зрабіў, аўторак, заўтрашні, за ўсё, паўсюль. А наколькі прыемныя слыху падоўжаныя л’, н’, з’, с’, дз’, ц’! Толькі прыслухайцеся: адцен-н-не, шматгалос-с-се, завугол-л-ле...
Беларуская мова — адна з самых багатых у свеце. На тэрыторыі Беларусі існуюць сотні гаворак. І калі ў літаратурнай мове налічваецца 250—500 тысяч слоў, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! Беларуская мова і адна з самых жывых моў. Калі ў мове беларусу чаго не хапае — ён дадае, калі, наадварот, штосьці перашкаджае — адбірае.
Самая мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная... Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.
http://news.tut.by/culture/215731.html
http://nashaziamlia.org/2006/07/19/201/ |