Паэт, перакладчык, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Народны паэт Беларусі (1991). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986). Выпускнік філалагічнага факультэта БДУ (1956), скончыў аспірантуру пры ўніверсітэце (1959), працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ (1960 — выкладчык, 1968 — дацэнт, 1978—1986 — прафесар).
Малавядомыя факты з жыцця Ніла Сымонавіча
Спачатку быў Нінел
Сапраўднае імя ад нараджэння ў Гілевіча – Нінел. Бацька, які быў старшынёй Слабодскага сельсавета ў Лагойскім раёне, вырашыў назваць аднаго з сваіх сыноў у гонар Леніна, праўда, “перавярнуў” яго наадварот. Ужо ў сталым узросце Гілевіч змяніў сваё імя на Ніл.
Першай справай у паштальёны
Ніл Гілевіч працаваў настаўнікам, потым доўгі час выкладаў у БДУ, у 1978-м стаў прафесарам. У 1985-1990 – дэпутат вярхоўнага Савета БССР. Але мала хто ведае, што яго першая прафесія — паштальён. У першыя гады пасля вайны, скончыўшы школу, хлопец разносіў лісты і газеты па вёсках. Потым ён паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, а пасля яшчэ атрымаў і дыплом філалагічнага факультэта БДУ.
Не прасіць, не кланяцца
Гілевіч выдаў больш за сто кніг. Ён шмат перакладаў славянскіх паэтаў і пісьменнікаў. Ёсць у яго зборнікі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы. Выдаў ён і зборнік драматургіі. Але ніводная з яго 15 п’ес пры жыцці не была пастаўлена. Сам літаратар гэта звязваў з тым, што ён не абіваў парогі міністэрства і тэатраў, не навязваў ім свае творы.
Знайсці сваю стыхію
Гілевіч быў сапраўдным універсалам у творчасці, але сам гаварыў: "Мая стыхія - паэзія". Лепшым сваім творам лічыў раман у вершах “Родныя дзеці”, напісаны ў 1985-м. Раіў яго чытаць і дзецям і дарослым – яны па-рознаму ўспрымалі. Ганарыўся цікавымі сюжэтна-псіхалагічнымі хадамі ў гэтым творы.
Вядзьмак-Лысагорскі
Але больш за ўсё шуму нарабіў іншы яго твор. Доўгі час чытачы не ведалі сапраўднага аўтара "Сказа пра Лысую Гару". Аўтарам гэтага гумарыстычнага твору, які распавядаў пра жыццё-быццё літаратараў, быў пазначаны Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. Каму толькі не прыпісвалі гэтую паэму? Рыгору Барадуліну, Анатолю Вялюгіну, і Міколе Аўрамчыку… Але толькі амаль праз тры дзесяцігоддзі Гілевіч, які таксама быў сярод "падазроных", прызнаўся ў сваім аўтарстве. |