25 мая вучні 9 “А” класа разам з класным кіраўніком і бацькамі адправіліся ў падарожжа па родных краявідах. Спачатку група падарожнікаў-амаратараў наведала Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Ляўках.
Янка Купала ўпершыню наведаў мясціну ў 1935 годзе і быў зачараваны маляўнічымі краявідамі. На высокім беразе Дняпра, сярод стромкіх соснаў і бяроз была ўзведзена дача як падарунак паэту з нагоды 30-годдзя яго творчай дзейнасці. Тут Янка Купала праводзіў кожнае лета да 1941 года з сям’ёй і сябрамі. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя, створаная ў будынку былой канторы Копыскага лясніцтва, знаёміць з жыццём і творчасцю паэта 1930–1940-х гадоў.
Цікавы аповед экскурсавода, сучаснае мультымедыйнае абсталяванне экспазіцыі, аўтамабіль пісьменніка “Шэўрале”, падараваны Янку Купалу беларускім урадам у 1939 годзе, непаўторныя маляўнічыя краявіды нікога з нас не пакінулі абыякавымі.
Дзеці былі рады прысесці побач з Янкам Купалам і паглядзець на хараство мясціны, якая памятае апошні шлях паэта па роднай беларускай зямлі.
Далей шлях быў скіраваны ў Александрыю. Не абмінулі мы і Трафімаву крынічку – цудоўнае месца для адпачынку. Праз прыродную фільтрацыю вада ў крынічцы крыштальна чыстая і жыватворная. Трафімава крыніца дапамагае тым, хто звяртаецца да яе з добрымі думкамі.
Усе з цудоўным настроем і спадзяваннем наведаць гэтыя мясціны яшчэ раз вярталіся ў Магілёў.
|