Бягучы год, сапраўды, яркі, яскравы. І справа не толькі ў ІІ Еўрапейскіх гульнях, якія стартуюць ужо ў гэтую пятніцу. Яскравасці 2019 году надае і XIV Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па летніх відах спорту. Яе ўрачыстае адкрыццё, а таксама сустрэча эстафеты “Полымя міру” прайшлі 15 чэрвеня ў летнім амфітэатры Палаца культуры Маладзечна.
Знакаміты дэвіз “Яркі год, яркі ты” мог цалкам стаць і дэвізам Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Ярка, урачыста, прыгожа, сонечна, з усмешкамі, у сяброўскай атмасферы — менавіта так праходзіла спартыўнае свята ў Маладзечне, свята спорту, здароўя, маладосці, спадзяванняў, прагі да перамогі. Толькі да перамогі імкнецца кожны з 2500 удзельнікаў фінальных спаборніцтваў спартакіяды, якія праходзяць на базе спартыўных аб’ектаў Мінскай вобласці і абласных цэнтраў. Канечне, не ўсе стануць пераможцамі і прызёрамі, аднак у выйгрышы застанецца кожны, паколькі спорт — гэта сяброўства, здаровы лад жыцця, здароўе нацыі.
Пра маштаб спартакіяды сведчаць наступныя лічбы: толькі на першым этапе (раённыя і гарадскія спаборніцтвы) выступілі больш за 170 тысяч школьнікаў 13—16 гадоў. На другім этапе спаборніцтвы праводзіліся ў абласцях і Мінску. Па выніках гэтага этапу і былі адабраны ў фінал лепшыя хлопцы і дзяўчаты. Чэрвень прымае лепшых баскетбалістаў, Салігорск — баксёраў, Маладзечна — барцоў, валейбалістаў, фехтавальшчыкаў, шахматыстаў, шашыстаў і майстроў малой тэніснай ракеткі, фінальныя спаборніцтвы па дзюдо праходзілі ў Жодзіне, Вілейка сустракала плыўцоў, Барысаў — стралкоў, цяжкаатлетаў, а Слуцк (тут 19 чэрвеня пройдзе ўрачыстае закрыццё спартакіяды) — гандбалістаў і футбалістаў. Акрамя Мінскай вобласці, фіналістаў спартакіяды прымалі і ў іншых рэгіёнах. Так, лепшых спартсменаў у веславанні на байдарках і каноэ сустракаў Гомель, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і мастацкай гімнастыцы — Гродна, а лепшых у веласіпедным спорце, спартыўнай гімнастыцы і скачках на батуце — Магілёўшчына. Усяго спаборніцтвы праходзяць больш чым па 20 відах спорту.