Мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты.
У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха.
Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета.
Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова «снег». Старабеларускае найменне яго – прасінець (у значэнні «прасвет у воблаках»), старарускае – студеный, французскае перыяду рэвалюцыі – фрымер («намаразь»). Рускі декабрь, французскі décembre, англійскі december, нямецкі Dezember паходзяць ад лацінскага december (дзесяты – у старажытнарымскім календары).
Снежань – найбольш пахмурны месяц у годзе. У ім ёсць і самы кароткі дзень года –
21-га або 22-га (7–8 гадзін). Сярэднемесячная тэмпература складае ад 5...6 градусаў марозу на паўночным усходзе рэспублікі да 2...3 градусаў на крайнім паўднёвым захадзе.
Фенолагі лічаць прадзім’ем час ад першага з’яўлення снегу да ўстанаўлення сталага зімовага пакрову. Каб атрымаць патрэбную колькасць вільгаці вясною, сяляне выконваюць негазатрыманне, або наадварот, мерапрыемствы па абароне ад лішніх ападкаў. Калі снег ляжа на незамёрзлую глебу і ў паніжаных месцах, то адбываецца выпарэнне і вымаканне азіміны. У снежні здараюцца адлігі. Здавён у гэтым месяцы асноўная праца сялян пераходзіла ў хату. Доўгімі зімовымі вечарамі гарэла лучына ў пасвеце ці на лучніку. Мужчыны знаходзілі занятак, які быў звязаны з дробным рамяством, рамонтам. Жанчыны ж пасля сядзення за грэбенем ці прасніцаю браліся ткаць кросны. Раней яны стаялі амаль у кожнай хаце. Добра быў развіты прагноз надвор’я, стан будучай вясны па зімовых прыкметах. Народныя веды замацоўваліся ў трапных прыказках і прымаўках. Снежань жыў чаканнем калядных свят. |