Назва першага месяца года красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень – значыць сцюдзёны. У гэты час на зямлю прыходзілі самыя моцныя халады (“Студзень – году пачатак, зіме – сярэдзіна”).
Нярэдка народныя прыкметы падзялялі год на дзве роўныя часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая – з 1 ліпеня. Заўважаючы асаблівасці надвор’я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор’е ў адпаведны дзень другой паловы года. Які-небудзь снежны дзень у студзені нібы абяцаў роўна праз паўгода абярнуцца дажджлівым і непагодлівым. Супастаўляліся ў першым і другім паўгоддзях цэлыя месяцы, а то і поры года. Па студзені меркавалі пра будучую вясну (“Як студзень цёплы на лік, дык завідны красавік”) і пра лета (“Студзень мяце – ліпень залье”). Па характары першага месяца беларускія сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў полі і агародзе: “ Студзень пагодны – будзе год плодны”. Гнілое надвор’е напачатку года не абяцала ўцехі чалавеку: “ Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы”.
Прыкмячайце!
Калі на Васільеў дзень (14.01) моцны мароз і малы снег – да добрага лета, а калі цяпло і няма снегу – да халоднага лета.
Калі на Вадохрышча (19.01) яснае і халоднае надвор’е – да засушлівага лета, пахмурнае і снежнае – да добрага лета.
Калі на Емяльяна-накруці-баран (21.01) вецер дзьме з поўдня – чакай дрэннага лета.
Калі на Рыгора (23.01) іней выпадзе на стагі і скірды – да сырога халоднага лета.
Калі на Фядосія (24.01) выдаўся дзень цёплы – на раннюю вясну паказвае.
Калі на Таццянін дзень (25 .01) сонечнае надвор’е – да ранняга прылёту птушак, снежнае – да дажджлівага лета, а мароз і сонца – да добрага лета. |