Віншаванне Прэзідэнта Беларусі з 75-годдзем Вялікай Перамогі
Дарагія суайчыннікі!
Віншую вас з 75-годдзем Вялікай Перамогі.
Беларусь адзначае гэту знамянальную дату ў няпросты час. Аднак нашы сённяшнія цяжкасці цьмянеюць перад нягодамі і стратамі, што выпалі на долю гераічнага пакалення, якое выратавала свет ад карычневай чумы.
Мы бясконца ўдзячныя ветэранам, якія ў гэты свяшчэнны для ўсяго народа дзень разам з намі. Аддаём даніну павагі патрыятызму, стойкасці і працавітасці працаўнікоў тылу.
Схіляем галовы ў памяць аб тых, хто не ўбачыў майскія салюты Перамогі 1945 года. Перад горам маці, якія не дачакаліся сваіх сыноў і дачок. Смуткуем і помнім аб усіх ахвярах той страшэннай вайны.
Аднак жыццё заўсёды перамагае смерць. Таму беларусы павінны захаваць у вяках гэту бясцэнную спадчыну - нашу Вялікую Перамогу. Свята шанаваць і абараняць яе ад паклёпу і фальсіфікацый.
Ад усёй душы жадаю вам, дарагія суайчыннікі, мірнага неба, здароўя, шчасця, дабрабыту і новых здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі.